Сёння, 10 снежня, адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Гэта невыпадковая дата: менавіта 10 снежня 1948 года Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека — першы глабальны дакумент, які замацаваў асноўныя правы і свабоды кожнага чалавека, незалежна ад нацыянальнасці, мовы, веравызнання, паходжання ці палітычных поглядаў.
Ужо праз два гады, у 1950 годзе, дату афіцыйна зафіксавалі для штогадовага святкавання, рэкамендаваўшы ўсім дзяржавам і арганізацыям адзначаць 10 снежня. Невыпадкова ў гэты дзень традыцыйна ў Осла ўручаецца таксама Нобелеўская прэмія міру. Гэта важны дзень для ўсіх людзей, у тым ліку і для праваабаронцаў. З адным з іх — Уладзімірам Хільмановічам — размаўляе Яраслаў Іванюк.
Уладзімір Хільмановіч.
Якраз сёння, 10-га снежня, Нобелеўскую прэмію міру атрымала прадстаўніца венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада (María Corina Machado), якая мела гонар асабіста прыняць гэтую ўзнагароду ў Осла. Такой магчымасці не меў беларусki лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі.
— Ну, так, па сутнасці, за гэтыя гады шмат было - канешне - лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру. Шчыра кажучы, у мяне ёсць свой погляд. На маю думку, некаторыя з іх атрымлівалі яе не зусім заслужана або авансам, а потым не пацвярджалі сваіх пазіцый дзеяннямі. Але што датычыць Алеся Бяляцкага — ніводны чалавек не выказаў сумневу, што гэтая прэмія заслужаная і трапіла дакладна па адрасе. У ліку двух іншых лаўрэатаў 2022 года быў ушанаваны менавіта Алесь Бяляцкі, які, на жаль, і тады, і дагэтуль знаходзіцца за кратамі.
Гэта, дарэчы, не першы выпадак, калі лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру падчас уручэння знаходзіцца за кратамі ў сваёй краіне...
— Так, тут можна згадаць Карла фон Асецкага (Carl von Ossietzky) яшчэ ў трыццатыя гады, які быў у зняволенні, і Аун Сан Су Чы (Aung San Suu Kyi) — прадстаўніцу М’янмы, якая таксама была ў турме. Але гэта хутчэй выключэнні. Звычайна прысуджэнне такой прэміі спрыяе вызваленню. Так было з Асецкім, якому канцлагер замянілі абмежаваннем волі, і з прадстаўніцай М’янмы. На жаль, у выпадку Беларусі мы маем іншае: улады дагэтуль не выпускаюць Алеся Бяляцкага, нягледзячы на міжнародныя заклікі і салідарныя дзеянні палітыкаў і грамадскасці. Відаць, Алесь Бяляцкі — «вельмі дарагі тавар» для рэжыму, які сёння пануе ў Беларусі, і яны не хочуць выпускаць ні яго, ні ягоных паплечнікаў.
Варта дадаць, што таксама Лех Валенса, польскі лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, не мог асабіста прыняць яе ў Осла. А калі гаварыць пра Алеся Бяляцкага — ці мы ўвогуле нешта ведаем пра ягонае здароўе і самаадчуванне ў зняволенні?
— На жаль, Алесь Бяляцкі знаходзіцца фактычна ў рэжыме, блізкім да поўнай інкамунікады. Гэта слова трывала ўвайшло ў лексікон беларусаў: гэта сітуацыя, калі няма або практычна няма інфармацыі пра вязня. І калі пра некаторых мы не маем ніякіх звестак, то і пра Алеся Бяляцкага амаль нічога невядома. Інфармацыя вельмі скупая і рэдкая. Нават ягоная жонка Наталля Пінчук, якая прымала Нобелеўскую прэмію ў Осла ў 2022 годзе за мужа, не мае поўных звестак.
Вядома, што ў Алеся Бяляцкага ёсць праблемы са здароўем — што натуральна, бо чалавек ужо старэйшы за 60 і доўгі час знаходзіцца ў зняволенні ў нялёгкіх умовах беларускіх турмаў і калоній.
Яраслаў Іванюк
Слухайце далучаны гукавы файл